Зязюля, кажаш?

Вершы
 Зязюля, кажаш? Не, не сустракаў,
 Хадзіў па лесе доўга і гукаў,
 Але дарэмна ўсё, такiя  птушкі:
 Хоць погляду не бачныя іх вушкі,
 Яны, вядома, дзесьці існуюць,
 Таму, мяне пачуўшы, не пяюць.
 Ці мала хто па лесе ходзіць ўпотай
 З фотаружжом, лiхтарыкам і ў ботах?
 Спужаў вавёрку свістам. Як на грэх,
 Яна цягнула ў дупло арэх,
 Той выслізнуў, загрукаў па галінках,
 І бачыў потым я на фотаздымках
 Яе трывожна-здзіўлены анфас.
 Казаў застылы погляд: "Цур на Вас!"
 Махнуўшы мне хвастом на развітанне,
 Вавёрка  знікла ў пошуках снядання.
 Дарэчы, трапіў той арэх у мох,
 І нехта ім паласавацца мог:
 Ці мышаня, ці асцярожны вожык.
 А я хадзіў, збіраў грыбы ў кошык,
 У дрэвы па-шпіёнскі кiдаў нож…
 Зязюля, кажаш? Не сустрэў, так што ж?
 Па ўсім відаць, мне жыць належыць вечна.
 Я ўсё ішоў. Гадзіннік недарэчна
 Нагадваў мне "цік-так, пара-пара",
 Атакавала шыю машкара ...
 Я не жадаў ні іншай нейкай долі,
 Ні шчасця хуткаспелага. У полі
 Спыніўся, у далонь набраў пяску,
 Прыслухаўся. Далёкае "Ку-Ку"
 Пайшло лічыць гады не мне, камусьці.
 Зязюля-птушка, можа, хопіць хлусіць?
 11.12.2012