Пытаннi

Вершы
 Ці  чуеш, як  крочыць удалеч таропка час? -
 Адлічвае крокі гадзіннік бесперапынна.
 Куды б ён ня йшоў - пастаянна ідзе ад нас.
 Такая, ня надта вясёлая, брат, карціна.

 Цi  ведаеш ты, а пад ноч абяцалі снег,
 Ад сораму горад схавае свой твар пад пудрай.
 А снег будзе падаць так ціха, нібыта ў сне,
 Здзяйсняючы кругазварот задуменна, мудра.

 А памятаеш, як наранку гамоніць сад
 У матчынай хаце, як пахне патэльня шкварак?
 А што аддасі ты, каб час павярнуць назад,
 Ступіць басанож на бацькоўскі стары фальварак?

 Пытанні, пытанні ... А час, паміж тым, бяжыць,
 І круцяцца стрэлкі, і дзеці сталеюць рана.
 І падае снег. Гэта значыць, што трэба жыць -
 Назло ўсяму - час загоіць любыя раны.
 04.11.2012