У Таганрог

Оксана Ярошенок
У Таганрог

   Прывакзальнымі вежамі Мінск памахаў
                наўздагон мне,
    І пачаўся прывабна-трывожны
                чыгуначны шлях.
   Невядомае радыё шэптам спявае ў вагоне,
   Адгукаюцца колы нязменным рытмічным
                “тах-тах”.
   Асцярожна цягнік пасажыраў сваіх калыхае,
   Толькі пільны памежнік расслабіцца нам не 
                дае,
   Углядаецца ў твары сурова – работа такая,
   Ды ушчэнт разбівае прыемныя сненні мае.
   А за вокнамі, як кінастужка, - будыначкі
                станцый
    І за далеччу дзесьці хаваецца родны парог.
    Засталося гадзінку-другую яшчэ
                пратрымацца,
    Каб нарэшце сказаць:
- Прывітанне табе, Таганрог!