Мяне, напэуна, хтосьцi урок...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Мяне, напэўна, хтосьці ўрок
 Ці я сур’ёзна захварэла:
 Употай здраджваючы целу,
 Збягае сэрца на лісток.

І з ім становіцца адным,
 І ўвекавечваецца ў вершы,
 Каб ілюзорнасцю завершыць
 Майго жыцця пустога дым.

Боль развярэджвае душу
 І растапляе лёд істоты –
 І я, здараецца, бы з лёту,
 Слязьмі нябачнымі пішу.

Адкуль не ведаю, але
 Пад знакам шчасця альбо гора
 За кропляй кропля льюцца творы,
 Як быццам міра ці яллей.

Сцякаюць словамі радкі,
 Выратавальныя, бы споведзь –
 Каб загаіць і супакоіць
 Жывыя раны й гузакі

І ўсё, што мучае ўнутры –
 Марэнні, думкі, адчуванні –
 Неўтаймаваным вершаваннем
 Суняць, суцішыць да пары.

Пісанне – сродак ад нуды?
 Але… О, сорам! Злыя сведкі
 Гавораць мне, я не паэтка…
 Мо і не хлусяць, сапраўды?

8.07.2012