Успамiн

Жанна Улахович
Калі заходзіць сонца над зямлёю,
Праменьчыкамі свецячы у вочы,
Збіраюцца у прадчуванні ночы,
У небе зоркі срэбнай чарадою.

Пяшчотна флейта загучыць дарэчы,
З-за поля, з невялікага лясочка:
Малінаўка крыштальным галасочкам
Нагадвае каханым аб сустрэчы.

Пяе аб травах, мяккіх, нібы ложак,
І кветках, што даруюць ап’яненне,
Каханні, што заўжды дае натхненне,
Аб поглядзе ўлюбеным і прыгожым.

На сэрцы стане добра і утульна,
Душа раптоўна ўспыхне успамінам.
Павее шчасцем, водарам язміна,
Салодкім пачуццём любоўных гульняў.