Восьмы цуд свету

Демьянова Татьяна Дмитриевна
 Кажуць, ёсць на зямлі ажно сем цудаў свету –
 Так, здаецца, эліны злічылі калісь.
 Ды між іх не стае цуду восьмага – кветак,
 Што на глебе Радзімы маёй узраслі.

 Толькі іх параўнаць, я лічу, немагчыма.
 Наша дзіва дзівосней за ўсё, што ні ёсць.
 Раз убачыш яго – і яно прад вачыма
 Назаўжды застаецца – сама прыгажосць.

 Наша ўцеха цвіце і зімою, і ўлетку.
 Ні мароз ёй не шкодзіць, ні дожджыку душ.
 Гэта рэдкасны цуд – незвычайныя кветкі –
 Спалучаюць раскошу і велічнасць руж,

 І пяшчотную сціпласць, амаль сарамлівасць,
 Харашунь-незабудак, і ландышаў пах,
 І ўскудлачаных ветрам рамонкаў гуллівасць,
 І какетлівасць макаў у вольных лугах.

 Летуценнасць валошак у золаце поля,
 Трапятлівасць цюльпанаў – дарункаў вясны,
 Жыццялюбства сон-кветак, што рвуцца на волю,
 Да вясновага сонца праз зімнія сны.

 І пагляд ганарлівы шыкоўнай півоні,
 І настурак і браткаў вясёлых святло…
 Ну ва што кожны з нас быў бы ўшчэнт улюблёны,
 Каб такой мілаты на зямлі не было?

 Паглядзіце ж вакол: на палетках Айчыны –
 Наша радасць, любоў, наш і гонар, і цуд –
 Чараўнічыя кветкі – дзяўчаты, жанчыны –
 Разнастайнымі фарбамі шчыра цвітуць.

8.03.2013

 І яшчэ вам - кветачнае шчасця для вачэй: http://tanjand.livejournal.com/341996.html