Пераклад. Псалом 21

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Пераклад. Псалом 21.

 Божа мой! Божа мой! Знаць бы мне…
 Для чаго Ты пакінуў мяне?
 Так далёка ад слыху Твайго
 крык збалелага сэрца майго!

 Божа мой! Ноччу й днём галашу!
 Ты маўчыш. Ці адрынуў душу?
 Ці не чуеш мой плач? Божа! Ты –
 для дзяцей сваіх – Пастыр Святы!

 На Цябе аднаго ўсе вякі
 спадзяваліся нашы бацькі.
 Ты нязменна мальбу іх прымаў,
 ад тугі, ад бяды ратаваў.

 Я ж – чарвяк, быццам не чалавек,
 заслужыў толькі кпіны і здзек.
 Хто ні йдзе, творыць суд нада мной
 і ківае ў мой бок галавой:

 “Гэта – той, што ўсё Бога між спраў
 нібы тлумны вар’ят прызываў.
 Хай жа Бог і ўратуе яго –
 недарэчнага сына свайго!”

 Мой Гасподзь! Я Твой боскі закон
 ад матулі ўсмактаў з малаком.
 Не кідай жа адчайнай душы!
 У далоні Сваёй зберажы!

 Львы й цяльцы акружылі мяне,
 і ў палон захапілі мяне,
 і наставілі рогі й клыкі,
 і у цела ўвагналі цвікі.

 Я праліўся, нібыта вада,
 што сачыцца слязой з-пад ільда.
 Косткі сталі мае парахнёй
 пад нападамі зграі ліхой.

 Сіла ссохла, нібы чарапок.
 Смага ёсць – немагчымы глыток.
 Пэўна, час мой апошні прыйшоў –
 смокча смерць ненаедная кроў.

 Я – заложнік у зграі сабак.
 Не адбіцца ад іх аніяк.
 Дзеляць рызы маё між сабой
 і не грэбуюць плоццю маёй.

 Моц мая! Мой Гасподзь! Не адрынь!
 У пакутах мяне не пакінь!
 Адхілі востры меч, утрымай!
 нат у клетцы са львом выжыць дай!

 Буду пець пра цябе між братоў,
 славасловіць, узносіць любоў:
 “Усхваліце, народы, Яго –
 міласэрднага Бога свайго!

 Ён не кідаў дзяцей у бядзе
 анікога – ніколі, нідзе!
 Ён – Ахоўнік, Збавіцель для нас,
 наша Крэпасць, Прытулак, Абраз .”

 Я Табою хвалюся, Гасподзь!
 Ты сілкуеш і дух мой, і плоць.
 Хай уславяць паўсюды Тварца –
 ўсемагутнага Бога-Айца!

 Хай жа прыйдуць усе да Цябе –
 і ў вяселлі, і ў смутку-журбе,
 і паклоняцца перад Табой
 і даверацца волі Тваёй.

 Сапраўды! Царства Божае ёсць
 для таго, у каго Ён – не госць!
 Калі ў сэрцы ёсць Бог, чалавек
 будзе дзіцем Гасподнім – вавек!

 Выток - выдэа: http://otveti.org/tolkovanie-biblii/psaltir/21/

 Шаноўныя сябры! Буду рада крытычным заўвагам наконт перакладу.