Ратуйма мову!

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Ратуйма мову – голас свайго краю –
 Каб не знямець аднойчы назаўжды!
 Але хутчэй – бо бедная канае
 Ад нелюбві, знявагі і нуды!

 Гаворка ў коме, спевы ў занядбанні,
 Пісьмо гібее, творчасць у тузе.
 Пявучы гоман – без выкарыстання –
 Зрабіўся дзівам – просіцца ў музей.

 Мы так жыццё змянялі паступова,
 Што самабытнасць страцілі сваю:
 Цяпер, чужой валодаючы мовай,
 Ёй аддаем і будучыню ўсю.

 Сваю ж пад ногі кінулі, бы смецце.
 Нашто яна – “вясковая”, “адстой”?
 Аж да таго дайшло, што нашы дзеці
 Не знаюць мовы матчынай сваёй.

 Яшчэ крыху – і знікне канчаткова,
 І стане мёртвай – мовай забыцця.
 Мо сапраўды – нашто нам наша мова?
 Даволі слоў чужынскай для жыцця!

 Сваю звядзем ( па глупству?... па прымусу?) –
 Другія ёсць. Не горш. Такой бяды!

 Але як знікне слова “беларусы”,
 Як будзем звацца ў свеце мы тады?

4.09.2011