Купальская ноч

Татьяна Шеина
Дзяўчыны плятуць вянкi –
На справу, не на пацеху -
I, сыплючы срэбра смеху,
Спускаюцца да ракi.
А дзесьцi квiтнее папараць.

I вогнiшча – да нябёс,
Вышэй за вяршынi сосен.
Зiхоткi струмень у косах…
- Каханая, гэта – лёс!
Купалле. Квiтнее папараць.

- Каханы, не абяцай!
- Каханая, я нiколi…
- У гэтым вясёлым коле
Мяне адшукай, пазнай!
Ты верыш – квiтнее папараць!?

- Каханая, назаўжды…
- Не трэба! Маўчы! Не трэба!
…Шыпшына пад зорным небам
 Схiлiлася да вады…
Ты чуеш - квiтнее папараць!

- Каханая, пачакай!
- Дагонiш, калi жадаеш!
…Шумiць, шапацiць – вiтае
Васкова-бялёсы гай,
Дзе, бачыш – квiтнее папараць.

-Каханая… - Гарачэй
Паветра стучыцца у грудзi…
Блакiтныя зоркi блудзяць
У люстэрках яе вачэй.
…А побач квiтнее папараць…

07.09.2011г.