Нячысты дух беларускага барока

Лёха Чыканос
               
                (П’еса ў дзвух дзеях).
               
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Бадзяга/Дух Сімеона Полацкага – малады прайдзісвет і махляр, у мінулым – шкаляр.

Адам – настаўнік музыкі, у мінулым – шкаляр, сябра Бадзягі.

Базыль Валовіч – харунжы ў адстаўцы. Важны фанабэрысты пан з вялікімі амбіцыямі і вялікімі грашыма.

Аўгунія – маладая пані, дачка Базыля. 

Тэкля – кузіна Аўгуніі з правінцыі.


Дзеянні адбываюцца недзе ў Вялікім Княстве Літоўскім напачатку XVIII стагоддзя.

                Дзея 1.

На сцэне з’яўляецца Бадзяга.

Бадзяга (звяртаецца да гледачоў):

 - Видите меня, как я муж отраден.
   Возрастом велик и умом изряден.
   Ума излишком, аж негде девати,
   Купи, кто хочет, а я рад продати!

   У вольных мастакоў
   Заўжды лёс незайздросны,
   Няма ў кішэнях грошай, 
   Адно гармідар розны.
 
   Вось ад самога ранку
   Бадзяюся па рынку,
   Тут знойдзецца цыбулька,
   Там нейкая скарынка.

На сцену выходзіць Адам. Ён трымае у руце кола каўбасы, адкусвае кавалак і смокча са смачным чмяканнем. Бадзяга і Адам заўважаюць адзін аднаго. Адам апрануты ў дарагі кунтуш. Бадзяга са здзіўленнем аглядае яго вопратку.

Бадзяга: - Адам, вітаю, хлопча!
           Відаць цябе здаля!

Адам (са здзіўленнем): -    Адкуль прынеслі чэрці
                Бадзягу-круцяля?!

Бадзяга: - Даўно цябе ня бачыў.
           Як быццам з тых часоў
           Калі мяне прымусіў
           Праклён святых айцоў

           Калегіум пакінуць,
           Старую Alma Mater.
           А ты таксама, бачу,
           Навукі не аматар? 

Бадзяга з зайздрасцю глядзіць на каўбасу ў руцэ Адама, глытае сліну і цягне да каўбасы рукі.

Адам (хавае каўбасу за спіну): - Дык я яшчэ ў тым годзе 
                Закінуў іезуіцтва.
                Стаў выкладаць сальфеджо
                І здолеў пракарміцца.

Бадзяга: - Ды ну?..

Адам: -      …Я выкладаю
              Ігру на клавесіне
              Адной заможнай пані 
              Ды нейкай там кузіне.
 
             Каб у іх уладкавацца,
             Прыкінуўся за немца.
             А так бы мог і бацьку
             Вучыць кідаць каленца.

             Стары харунжы марыць
             Прамоўцам сам зрабіцца.

Бадзяга: - І шмат дае даходу
           Чароўная крыніца?               
         
Адам: - Базыль Валовіч, бацька,
        Заўжды ў цяжкіх турботах
        Куды падзець тысёнцы
        Нарабаваных злотых.

(Адам звініць у кішені манетами).

             Уначы, нібы забаўкі,
             Ён выклікае духаў… 
            
Бадзяга: - Так, з боўдзілам такім
           Не здохнеш з галадухі.
 
           Патрэбна развітацца
           З дукатамі панам…
           Хадзем, я думку маю,   
           Здабытак – напалам!

Бадзяга бярэ Адама пад руку і яны разам сыходзяць са сцэны.

                Дзея 2.

На сцэне з’яўляюцца Адам і Аўгунія. Адам садзіцца за клавесін, які стаіць на краю сцэны і пачынае граць. Аўгунія стаіць побач, яна выконвае арыю з італьянскай оперы.
На сцэне з’яўляюцца бацька Базыль Валовіч і яго пляменніца Тэкля. Яны выносяць на сцэну стол і тры крэслы, сядаюць вакол стала. У цэнтр стала Базыль кладзе вялікую талерку дагары дном.

Базыль: - Няма ў нашым Княстве
          Прамоўцаў шмат вядомых.
          І гэта ёсць спрычынай
          Турботаў для Кароны.

          Бракуе нават у Сойме
          Паноў да спраў прыдатных…
          А я, напэўна, быў бы
          З Літвы паслом выдатным!

Аўгунія чуе бацькавы словы, спыняецца, хлопае ў далоні.

Аўгунія: - Ой, татачка, адразу
           Мы б з’ехалі ў Варшаву!
           Я б стала выпраўляцца
           Ў тэатр нахаляву!

           Штодзень сапраны з Рыму,
           Люстэркі, дываны… 

Тэкля: - Я з вамі! Адно тутай 
         Сядзім як бараны…

Базыль: - А як бы гэта справіць?
          Аб тым, як не глядзі,
          Спытаць нам трэба духа.
          Адам, verstehen Sie?

Базыль ківае Адаму. Той садзіцца за клавесін і пачынае выконваць змрочную фугу.

Базыль: - Я выклікаць спрабую
          Славутага паэта.
          І сёння атрымацца 
          Павінна ўрэшце гэта!

Базыль, Аўгунія і Тэкля кладуць рукі на талерку. Базыль пачынае заклінаць.   

Базыль: - Дух Сімеона з Полацка
          Прыдзі хутчэй да нас!
          На важныя пытаньні
          Мы просім даць адказ.               

З-за сцэны чуецца голас Бадзягі.

Бадзяга (страшным замагільным голасам):  – Нашто душу турбуеш
                Паэта Сімеона?

Аўгунія і Тэкля з віскам і скавытаннем хаваюцца пад стол. Базыль застаецца сядзець за сталом са збялеўшым ад страха тварам.

Базыль (разгублена): - Дапамажы зрабіцца
                Прамоўцам выкшталцоным…

На сцэне з’яўляецца Бадзяга загорнуты ў чорны плашч. Яго твар схаваны.

Бадзяга: - Спачатку мертвым духам
           Ахвяру прынясі...

Базыль (спалохана): - А што ахвяраваць мне?

Бадзяга: - Сто талераў дасі!

Базыль дастае з кашалька манеты, адлічвае патрэбную суму і кладзе іх пад талерку.

Бадзяга: - Каб быць прамоўцам трэба
           Усталяваць дыханне.
           Удыхні паветра, потым   
           Рабі практыкаванне.

Бадзяга робіць моцны ўдых, потым на выдыхе вымаўляе гукі “Аааа яяяяя оооо ёёёёё иииииии” і моцна лупіць сябя па грудзях кулакамі.

Базыль пачынае паўтараць за ім практыкаванне.

Аўгунія і Тэкля вылазяць з-пад стала і спалохана глядзяць на “Духа”.

Бадзяга: - А вы хто?

Аўгунія: - … Я Аўгун’я,
           Яна - кузіна Тэкля.

Тэкля: -   Спяваць хацім у тэатры,
           Ці ў оперы…

Бадзяга (іранічна): - Ці ў пекле.
 
Бадзяга падыходзіць да Аўгуніі і Тэклі.

Бадзяга: - З іменамі такімі
           Я б не вылазіў з хаты!               

Аўгунія і Тэкля (разам): - А што рабіць?    
Бадзяга:                - Прынесці
                Ахвяру. Ёсць дукаты?

Аўгунія вытрухвае на стол з кашальку бацькі апошнюю манету, хмурыць бровы, на імгненне задумваецца, потым выбягае са сцэны. Адначасова Тэкля дастае з кішэні медны грош, тупа глядзіць на яго некалькі секунд, потым кладзе назад у кішэню. Базыль увесь гэты час старанна вымаўляе гукі “Аааа яяяяя оооо ёёёёё иииииии” і моцна лупіць сябя па грудзях. Адам грае музыку. Прыбягае запыханая Аўгунія з вялікім куфэркам,  вымае з яго некалькі бліскучых манет, кладзе грошы пад талерку, куфэрак пакідае на стале. Бадзяга задаволена назірае за Аўгуніяй.

Бадзяга (Аўгуніі):     - Тваё імя для сцэны
                ЛюмIна ЛУна. Гэта
                Ў перакладзе значыць 
                “Святло начной Планеты”.

             (Тэкле):  - А ты для Добрай Славы
                Завешся ГлОр’я БОна.

Аўгунія (у захапленні): - Трымчу я ад латыні…

Тэкля:                - Фацэтныя імёны…

Бадзяга: - А зараз заспявайце.

Аўгунія дае знак Адаму. Той пачынае іграць. Аўгунія спявае арыю з італьянскай оперы. Тэкля паўтарае за ёй кожны наступны радок жудасна перакручваючы словы.

Бадзяга: - Стой! Хопіць той журботы…

Аўгунія і Тэкля (разам): - А что рабіць?
   
Бадзяга (Тэкле):        -Ты будзеш
                Пакуль трываюць боты
               
                Скакаць угару і ўбокі,
                Нагамі шморгай смела.

Бадзяга нахіляецца і адрывае ў Тэклі кавалак спадніцы, каб можна было ўбачыць ногі і панталоны. 
               
                Спявай на людскай мове,
                Каб панства разумела!

Аўгунія з Тэкляй пачынаюць шаптацца, рэпеціраваць, рабіць танцавальныя рухі. Бадзяга падыходзіць да Базыля.

Бадзяга (Базылю): - Так, добра, пан прамоўца,
                Ты ўжо падрыхтаваны.
                Чытай уголас вершы -
                Трыумф гарантаваны!
 
(Аўгуніі і Тэкле): -  Пачнеце разам з бацькам      
                Шалёны свай паказ.
                Вось файная батлейка! 
                Музыка, просім вас!

Аўгунія і Тэкля разам спяваюць арыю. Аўгунія выконвае радок па-італьянску, Тэкля паўтарае наступны радок па-беларуску. Пры гэтым Тэкля выконвае даволі вульгарны танец. Базыль гучна выгукае вершы і адначасова працягвае лупіць сябе ў грудзі кулакамі.
 
Бадзяга дырыжыруе, потым непрыкметна падыходзіць да стала, бярэ
пакінуты Аўгуніяй куфэрак, ссыпае туды ўсе грошы з-пад талеркі і ціха сыходзіць з куфэркам пад пахай.

Адам заўважае адсутнасць Бадзягі, спыняе ігру, падбягае да стала, бачыць знікненне куфэрка, падбягае да краю сцэны і крычыць наўздагон Бадяге.

Адам: - Стой, злодей, ашуканец!
        Аддай мой ганарар!
 
Адам падбягае да Базыля, Аўгуніі і Тэклі. Тыя стаяць збянтэжаныя ад таго што змоўкла музыка.

Адам: - Паны, нас абакралі!
        То быў ня дух, махляр!

Базыль (са здзіўленнем): - Вось цуд: я разумею
                Нямецкі! Дзякуй духу!
 
Адам: - Нам трэба выпраўляцца
        Ў пагоню шпаркім рухам! 
               
Базыль (раззлавана): -  Что ты вярзеш?! Нябожчык
                Забраў свае ахвяры!
                А нас чакае поспех,
                Ён здзейсніў нашы мары!

Аўгунія: - У палацах заспяваем…

Тэкля: -  …У багаценькіх уборах!

Аўгунія: - …Замежныя шпацыры!

Тэкля: - … Карэты на рысорах! 

Базыль (звяртаецца да гледачоў) : -    Бюджэты, спецэфекты,   
                Прыгожыя выяўкі,
                Мы высмакчым з вас душы
                Нібыта тыя п’яўкі!

Аўгунія і Тэкля зноў пачынаюць спяваць. Базыль таксама спрабуе ім падпяваць. Адам у здзіўленні. Ён падаецца назад, хоча сыйсці, потым вяртаецца, маша рукой, садзіцца за клавесін, грае. Да гледачаў у залю выходзіць Бадзяга са скрадзеным куфэркам у руках. На імгненне музыка змаўкае.

Бадзяга (гледачам): - Мы плацім, каб забыцца
                Ў хімернай мітусне
                На страх, несправядлівасць    
                Ды волю...Так, ці не?..


Бадзяга ставіць на падлогу адчынены куфэрак, кідае туды манету і сыходзіць. Вар’яцкі канцерт працягваецца.

                ЗАВЕСА.