Яутуховiч едзе у госцi...

Леонид Пранчак
ЯЎТУХОВІЧ ЕДЗЕ Ў ГОСЦІ...


Яўтуховіч едзе ў госці.
Прыбіраем хату.
І на шкапчык засцілаем
Новую цырату.

Сабіраем пачастунак –
Шчодры і багаты.
Яўтуховіч едзе ў госці, --
Радаснае свята.

Вось і ён, у дзверы звоніць.
Сумкі, пачкі, клункі.
Не спыняецца, далдоніць,
Дорыць падарункі.

У вачах хітрынка тлее.
Смачна і паціху
Цэдзіць піва, не хмялее.
Ну хіба што крыху.

Будзе гоман, будуць скокі,
Спевы і гамонка.
Даставай, Язэп, гармонік!
Хай спявае звонка.

Яўтуховіч, Зміцер,
Дзіма.
Дзе душа начуе?
Па табе твая радзіма
Столькі год сумуе.

Праз гады яднае далеч
Рознасць нашых лёсаў
Сэрца птушкай пералётнай
Плача ля нябёсаў.

Як яго мне не хапае!
Крыўды, што запалкі.
Загаворыць, заспявае, --
Сэрца на кавалкі.

Ён, як ранняе прадвесне,
Гоіць спевам раны.
Чалавек, музыка, песня.
Богам цалаваны.

Неспакойна непаседзе.
Зноў грукочуць колы...
Паспявае і паедзе.
Сумны і вясёлы.

Неўтаймоўваны вандроўнік
Па зямлі блукае.
А яго стары гармонік
Грае, грае, грае...

Не вярнуць назад, хоць трэсні,
Сад з маёвым цветам...
Як пялёсткі,
Нашы песні
Кружаць па-над светам.

31 траўня 2012 г.