Бог сапрауды не роуна дзелiць...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Бог сапраўды не роўна дзеліць,
Калі  ў людзей дарамі цэліць:
Вось гэтым – кожны дзень нядзеля,
А тым – і ў свята панядзелак.

Адному – долю, рукі-ногі
І шчасця людскага – бы з рогу,
Другому – горкі лёс нябогі
Ды нехлямяжнасць у дарогу.

Суседу справа – “Форд”, і дачу,
І жонку добрую ў прыдачу,
А злева – грошаў брудных пачак,
Але ў турме ён іх не ўбачыць.

Адной сяброўцы – і кар’еру,
І мужа з дзецьмі, і кватэру,
Другой – нацягнутыя нервы
І   непрыемнасцяў без меры.

Але, хто сочыць за шляхамі,
Той знойдзе праўду і між намі:
Бог надзяляе нас дарамі,
Якія мы абралі самі:

Хто вінаваціў – вінаваты,
Хто ленаваўся – не багаты,
Хто з дому гнаў – не мае хаты,
А кпіў з гарбатага – гарбаты.

Хто забіваў – лічы забіты,
Хто здрадзіў – здрадаю спавіты.
Здаецца, кожны з нас – закрыты,
Ды лёс наступствамі прашыты.

Але чаму, як нарадзіўся,
Ужо й тады не маеш выйсця?
На  ўласных продкаў азірніся
І з іх мінулым разбярыся.

12.11.2010