Бог Адама стварыу...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Бог Адама стварыў. Не таму, што ён, Бог,
 Пажадаў, каб Зямлю засялілі істоты,
 А таму, што ў сусветнай прасторы знямог
 Ад жахлівай, шчымлівай, хмурной адзіноты.

 Бо вакол – у пустэчы сусветнай цішы –
 На мільярды  яму падуладных планетаў
 Не было анідзе аніводнай душы –
Ні мужчыны якогась, ні нават кабеты.

 Творца марыў пра сябра: зляпіў, удыхнуў
 У яго вобраз Божы і Божую іскру.
 Ды слабы чалавек той давер падмануў –
 Не ўхапіў для ўжывання нябесныя рыскі.

 Хутка нават пачаў енчыць-патрабаваць
 Для сябе аднаго прыгажуню-сяброўку:
 Хоць з акрайца сцягна, хоць з якога рабра –
 Каб не выць уначы адзіночкаю-воўкам.

 "Выбіў" жонку сабе – ідэал адшукаў
 І пачаў памнажаць на зямлі  чалавекаў.
 Толькі Творцам сваім з-за турбот занядбаў,
 Дый  працягласць жыцця скараціў аж да веку.

 З той пары Бог – адзін. Уладар. Што рабіць?
 Людзі там, на Зямлі. Бог – на небе – высока.
 На ўлюблёные пары раўніва глядзіць
 І, бывае, разводзіць, нібыта аблокі.

 Хай спазнаюць яны горыч многіх пакут:
 І кахання тугу, і расстання маркоту,
 І , на рэштках жыцця, што адмерана тут, –
 Невымоўны, балючы цяжар адзіноты...

3.11.2011