Бяздоннае багацце

Демьянова Татьяна Дмитриевна
У Тураве жыў колісь Яраслаў –
 Князь мудры, справядлівы і багаты.
 Аднойчы ён з гасцямі паскакаў
 На ўловы – паляўнічым быў заўзятым.

 Набілі шмат дзічыны дружбакі.
 Ды тура Яраслаў-ваяка ўбачыў.
 Пагнаўся – ды, напэўна, лёс  такі –
 Пагоня абярнулася няўдачай.

 Тур бег і раптам рэзка так звярнуў
 На князя (апынуўся ж пад нагамі),
 Што конь з разгону тура садануў –
 І рухнуў, пратаранены рагамі.

 І крупам так прыціснуў седака –
 Шчэ момант – і расплюшчылася б цела.
 Ды ў гэты час загоншчыка рука,
 Бы цуд неспадзяваны, падаспела.

 Ён туру ў вочы світку ўміг шпурнуў
 І спрытна нож яму ўсадзіў у сэрца.
 Той рынуў – нежывы ўжо – на зямлю –
 І князь пазбег шчамлёткаў лютай смерці!

 Калі ж зусім прыйшоў ужо ў сябе,
 Загоншчыка – Ранцэвіча – паклікаў:
 “Вось – золата – за ўчынак твой – табе!” –
 І збан падаў з чырвонцамі  вялікі.

 Але Ранцэвіч гэткі быў мудрэц:
 Кіёк узяў, праткнуў да дна збаночка –
 “Як будзе дно – багаццю і канец.
 Сапраўдны скарб не вымераць кіёчкам!

 Дый золата – забава для князёў –
 Не надта й прыжываецца ў народзе.
 Дай, княжа, дар такі мне за любоў,
 Каб дна я аніколі не знаходзіў!”

 Падумаў князь і кажа: “Вось бяда!
 Калі б сабраў я ўсё свае багацце,
 Ты нават і тады б дастаў да дна…
 Дык што з табой рабіць мы будзем, браце?”

 Загоншчык засмяяўся: “Пойдзем, князь,
 Сапраўднае багацце нас чакае.”
 Ўзяў меч – дый усадзіў у глебу ўраз.
 “Вось, княжа! Бачыш, скарбніца якая?!

 У ёй нікому дна не дасягнуць.
 Зямелька – вось бяздоннае багацце.
 Што грошы? Атрымаеш – пакрадуць.
 А кут свой будзе ў сэрцы, быццам маці.”

 Здзівіўся Яраслаў  (бо стала чым)
 Загоншчыкавай мудрасці бясцэннай –
 І дарчую з пячаткай уручыў:
 “Ранцэвічу – на дзесяць пакаленняў.»

 Дагэтуль, далібог, пад Мазыром
 У вёсачцы Вяленічы сяляне
 Шчэ помняць пра паданне – мудры ўрок.
 Дагэтуль і Ранцэвічы ў пашане.

 Нашчадкі з роду ў род перадаюць
 Той скарб, што застаецца дзіўным дарам :
 Бяздоннае багацце – родны кут
 І грамату – у цынкавым футляры.

Па беларускай легендзе: http://www.bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-121.html

28.09.2011