Ад крадзенага не пасыцееш

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Даў Бог сыноў-пагодкаў чалавеку.
 Яны ў пяшчоце бацькавай раслі
 Не тое, каб зусім ужо няўмекі,
 Але ні ў чым майстрамі не былі.

Гады над імі птушкамі ляцелі:
 За летам – восень, зімачка, вясна.
 Мальцы нябачна неяк пасталелі.
 І вось аднойчы бацька ім сказаў:

 – Пара і за работу, хлопцы, брацца,
 Каб на жыццё чым-небудзь зарабляць.
 Якою справай марыце займацца?
 Маўчаць сыны. Ну што каму абраць?

– Дык пойдзем, – кажа бацька, – з вамі ў людзі,
 Пабачым, чым займаюцца яны –
 Мо нешта вам з таго цікава будзе.
 Пайшоў, а наўздагон – яго сыны.

У нейкай вёсцы ў кузні старажытнай
 У рукі молат сын старэйшы ўзяў.
 А быў ён гэткі кемлівы і спрытны –
 Любую справу хутка пераймаў.

Прыгледзеўся да працы кавалёвай
 Стаў побач, павучыўся, дапамог.
 – Вось, бацька, і каваль табе гатовы –
 І паказаў ім зроблены нарог.

– Ты добрую сынок, асвоіў справу.
 Бо хто патрэбны людзям, той – з рублём.
 Жыць працай – і карысна, і цікава –
 Збудуем кузню – станеш кавалём.

А меншы сын ніяк сабе па сэрцы
 Не мог занятак добры адшукаць.
 А тут глядзіць – на лузе вол пасецца
 І побач з ім нікога не відаць.

– А што, калі пачаць валоў мне красці?
 Не цяжка, многа мяса – я б таўсцеў.
 – Крадзі, – прамовіў бацька, – як удасца,
 Раз ты нічога болей не схацеў .

І сын пагнаў вала сабе дадому.
 А бацька кажа: ”Сынку, пачакай!
 Мне трэба ў вёску гэтую. Знаёмы
 Тут мой жыве. Мне часу трохі дай.”

Сын гоніць – і, бы ліст які, трасецца,
 Са страхам азіраецца, бы воўк –
 Ці не бяжыць за ім, ці не крадзецца
 Той гаспадар, каму належыць вол?

На ўзлеску пачакаў вяртання бацькі,
 З ім разам прывялі дамоў вала.
 Зарэзалі. Праз нейкі час у хаце
 Запахла свежанінай ад стала.

 – Ну, сыне, знімем меркі і праверым,
 Хто болей пасыцее ад мясца.
 І бацька ўзяў шнурок і лоўка змерыў
 Акружнасць шый – сваёй і малайца.

Вячэраць селі – бацька есць спакойна,
 Хлапчына ж паглядае ўсё ў акно:
 Шукае хто ці не? Ці не запомніў?
 Ці не пільнуе побач, за сцяной?

Сабака брэша, йдзе ці едзе нехта –
 Сын – за кавалак мяса – і ў куток.
 Здаецца, ад сябе самога збег бы –
 Дрыжыць, ажно не чуе рук і ног.

Так дзень за днём… Нарэшце, з’елі мяса –
 І кажа бацька: “Ну, сынок, пара
 Нам таўшчынёю шыі параўнацца.”
 І ўзяў у рукі кончыкі шнура.

Памералі – зірнулі: патаўсцела
 У бацькі шыя больш, чым удвая.
 У сына ж патанчэла, нават цела
 Схудзела – стаў памерам з вераб’я.

Сын дзівіцца: “Чаму так? Елі ж разам!”
 “Бо ты, сыночак, з крадзенага жыў!”
 “Але ж і ты валоў’е трэскаў мяса!”
 “Але пайшоў спачатку, заплаціў!

Таму і пасыцеў, як ад свайго я.
 А ты згарэў, бо страх цябе душыў:
 Як сядзеш есці – ён паўзе змяёю.
 На шыю – скок – і гадам на душы.

Таму вось ты і чэзнеш, і худзееш,
 І ежа на карысць не йдзе табе.
 Ад крадзенага, сын, не пасыцееш!
 Шукай ты лепей працу для сябе!

1.10.2010