Гадзіннік адлічвае час –
Бы пацеркі ніжа на ніць.
А час, вывучаючы нас,
Хітруе – паўзе ці ляціць.
Пільнуе размераны строй
І ўносіць папраўкі свае –
Нібы пераймае настрой
Таго, для каго існуе:
То ўносіцца прэч стрымгалоў,
То сцішана побач стаіць,
То скача пад ціскам умоў,
То стомлена падае ніц.
Імгненне расцягвае ў век,
А вечнасць укладвае ў міг.
Але, далібог, чалавек
Адценняў такіх не спасціг.
Ен сочыць за стрэлак хадой
І верыць у шэсце наўпрост,
Дарэмна плануючы свой
Не надта і згодлівы лёс.
Ён думае, час – гэта так –
Працягласць між парай падзей…
А час паімгненным “цік-так”
Смяецца з наіўных людзей.
6.02.2012