Дапамажыце разабрацца!

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Дапамажыце разабрацца!
 Што гэта дзеецца ў людзей?
 Мы сталі меней усміхацца,
 А рагатаць – яшчэ радзей.

У чым, і праўда, перашкода –
 Што засмучае нашы дні?
 Чаму няма ранейшай згоды,
 Былой душэўнай цеплыні,

Таго, даўнішняга, адзінства
 І смеху, што раней звінеў?
 Дзе сёння тое, што ў дзяцінстве
 Яскравым сонцам кожны меў?

Мо гэта – нейкая хвароба
 Вампірам смокча весялосць,
 І распаўсюджвае мікробы,
 І сее змрок: "Смяяцца - досць?!"

Ці гэта – веку злыя чары,
 Наступствы восеньскіх начэй?
 Вакол так многа сумных твараў
 І насцярожаных вачэй!

А можа, сёння гэта модна:
 Хаваць душу сваю ўнутры
 І быць ад радасці свабодным,
 І кожны стрымліваць парыў?

А мо, пара, пакуль не позна,
 Сусвет усмешкай ахінуць?
 Паміж засмучаных дарослых
 Якія дзеці падрастуць?

І хто навучыць іх смяяцца,
 Калі так будзе і далей?
 Таму давайце ж усміхацца!
 І ўсім нам будзе весялей!!!

15.11.2010