Абляпiхавы рай

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Вы калісьці былі ў абляпіхавым раі,
 Не кранутым да вас аніводнай рукой?
 Калі не, паспяшайце, сябры мае, раю!
 Там вы знойдзеце шчасце і дзіўны спакой.

Заблукайце між дрэў, не ўпускаючы шанец
 Апынуцца  нібы ў вымярэнні другім –
 Дзе галлё абляпіў яркі ягадны глянец –
 Гэтак шчыльна, што свет перасычаны ім.

Паглядзіце, як кроплі на сонейку ззяюць!
 Ледзь кранеш – і цячэ па руках жоўты сок.
О, шыкоўнае золата роднага краю!
О, зямельцы маёй блаславёны куток!

 А ці вы не забылі яшчэ пра вядзерца?
 Напаўняйце яго, покуль бачыцца край!
 Абляпіхавы рай – асалода для сэрца.
 І які дзіўны пах! І які ж ураджай!

А зацягне зіма далягляды завеяй,
 Не сумуйце, успомніце гэты дзянёк –
 І ў марозныя дні вашы душы сагрэе
 Назапашаны цуд – абляпіхавы сок.

14.09.2011



Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru