Брату

Ганна Дусь
Праз колькі год хачу я, брат мой,
Адкрыць табе сваю душу.
Не ведаю, ці будзеш рады
Таму ўсяму, што я скажу.

Я не далёка. Мне ўсё бачна.
І хай між намі акіян,
Усё-ткі скончыцца, няйначай,
І новы твой і мой раман.

Бо звязаныя мы да скону
У сённяшнім жыцці зямным,
У долі цяжкай і будзённай,
Дзе нашу будучыню снім.

Як разам мы, то й зможам болей,
Чым тое дадзена адным.
Я так хачу, калі дазволіш,
Анёлам вечным стаць тваім.