Ноч маладзiка

Константин Цыбульский
Над случчынаю ноч маладзiка,
Трапечуць зоркi у рачных затонах,
I цуглямi звiняць на лузе конi,
Лiлеямi успенена рака,
Над случчынаю ноч маладзiка.

Туман змывае клёны i платы,
Мяжа злучае постацi каханых,
А над зямлёй у воблачка убраны
Усходзiць важна месяц малады.

Ад вуснаў загараецца шчака,
Арканы рук мне паланiлi шыю.
Каханая, Багi мае зямныя
Не ведаюць, як я цябе чакаў
У дзiўны час, у ноч маладзiка…

Начны салоўка сцiшыўся на мiг,
Мы у дваiх пад зоркамi сусвету.
Тваiх грудзей даспелыя ранеты
Далоняў дакранаюцца маiх.

Ад слоў тваiх хмялее галава:
–Каханы мой, ты для мяне навекi…
У асалодзе жмурацца павекi,
I нас прымае вобмацкам трава.

…Няхай з табою канем у вяках,
На могiлках вянкi павыгараюць.
Дзве постацi сустрэнуцца ля гаю,
Ў тумане белым, да рукi рука,
У дзiўны час, у ноч маладзiка…