Маналог Паэткi

Лена Кеша
Завіце мяне кветкай чырвонай,
самай прыгожай у вашым садзе.
Мае пялёсткі промнямі сонца
выткалісь у той незабыўны арнамент,
што ўпрыгожвае сцяг Беларусі.

Пляскат далоняў мне так патрэбен.
Я разумею сапраўднасць мастацтва,
 
Што тыя вочы, глядзіце ў падлогу,
пляскат далоняў – сэнс існавання.
Я ваша зорка, ваша Венера.
Вы абдыміце мяне ўсім сусветам.
Я разумею і боль і каханне –
гэта ўсё словы. Іх вельмі даўно
нехта прыдумваў, каб сёння ў зале
людзі аглухлі ад бешаных танцаў
у выкананні ўласных далоняў.
Я разумею адданасць і годнасць –
гэтыя гукі ствараюцца доўга.
Доўга і марна на жоўтых старонках
кніжак маіх геніяльна адданых
роднаму краю і ўсім, хто ўмее
так апантана пляскаць у далоні.
Я ваша кветка, ваша надзея.
Нясу я працяг Багдановіча слову.
Ці Багдановіч нясе мне працягі
і прысвячэнні ў каханні глыбокім.
А Багдановіч мой іншая зорка.
Гэты не той, хто “Вяночкі” складае.
Гэты даволі салідная птушка –
сувязі мае патрэбныя ў свеце.
Зараз я талент свой буду паказваць.
Усё, мне пара. Вы адно не забудзьце.
Як я закончу, хай у зале падлогу
кроў залівае з парваных далоняў,
чыстая кроў за адданасць мастацтву.