У кожная свая Айчына

Анатоль Кудласевич
*    *    *
У кожнага свая Айчына.
Ад першых да апошніх дзён
У сэрцы кожнага - бацькоўскі кут адзіны,
Ды кожны да чужых краёў жадзён.
Здаецца кожнаму, што недзе на чужыне
За светам,
         там
             квітнее вечны сад,
А ў садзе тым саспелыя ажыны,
І ловяць рукі небны зоркапад.
Амаль што кожны думкаю юначай,
Як птах, ляціць за небакрай -
Ды рэдка хто па старасці заплача
Ад выстыглай духоўнай недастачы,
О, Божа, хоць за гэта не карай!