Радзiмкi сына Веранiкi

Анатоль Кудласевич
   

Радзімы знак —

Не проста так:

Усе мы Небам мечаны,

Ці ты паэт,

Ці ты мастак —

Нясі сваю адмеціну.

 

Сем зорак Вялікай Мядзьведзіцы

У сына майго на спіне.

І што ў гэтым знаку ўгледзіцца,

Калі заўтра быць вайне?

Калі нарадзіўся ў верасні

Семнадцатага чысла,

Быў год… Не скажу цяперашнім

Халуйскім лакеям зла!

А так нагадаю: помніце!

Чакае расплата вас,

Успомніцца ўсё, адпомсціцца

У Сынавы зорны час.

Ён выйдзе па Шляху Млечнаму,

Стажары за ім, як раць —

І словам агністым, мечавым,

Прад воблікам сівай вечнасці

За Мову пачне караць.


Бо слова вам

Не проста так

Гасподнім Духам чыніцца.

Ці ты паэт,

Ці ты мастак —

Памры! Ды будзь з Айчынаю!