Скажуць, то ж Антосiшын такi

Анатоль Кудласевич
                "Скажуць: "То ж Антосішын такі!
                Па-ангельску ўмее гаварыць,
                І на двор маўклівыя дзядзькі
                Прыйдуць пасядзець і пакурыць.

                Буду ездзіць, мама, за мяжу,
                У Парыж, у Лондан, - хоць куды...
                Уладзімір Папковіч

Надрукую ўсё, што напішу
І паеду з Захад нацянькі.
Я паеду, мама, за мяжу,
Скажуць: "То ж Антосішын такі!" -
Рыо-дэ-Жэнэйры і Парыжы -
То ж не Мінск, не Слуцак там які,
Нарадзіўся, мама, я не рыжы -
Віцебскам мне ездзіць не з рукі.
Амстэрдам, Пекін, "Кізыл-шчэрбет",
І "Агдам", Атава, "Сонцадар",
Я праеду дарам цэлы свет -
І "Кагор", і "Вермут", Гібралтар
І калі не любы стане свет -
З'еду я туды, куды Макар
Не ганяе ўлецечку цялят.
Я паеду на Кудыкіну гару,
Я на Лысую пад Кіеў загляну.
Разгаворацца маўклівыя дзядзькі,
Скажуць: "То ж Антосішын такі!",
Па-ангельску скажуць: "Отто, брат,
Пабратаўся з д'ябалам і рад,
Бач як ад Берлінаў развязло" -
І мяне не пусцяць у сяло.