Сiняе сонца

Леонид Пранчак
СІНЯЕ СОНЦА

Старасвецкі дом, прыгожы пляц
Са старым узорчатым парканам.
Я сюды прыходжу, бы ў палац,
Госцем выпадковым і жаданым.

Проста так, спытацца: што чуваць.
Пачакаюць клопаты і справы.
А ў самога кругам галава
Ад пяшчоты, гутаркі і кавы.

Нам дваім утульна за сталом.
Вочы гаспадыні слепяць сінню.
Я люблю гасцінны гэты дом,
Бо даўно кахаю гаспадыню.

У яе такі нявінны смех,
Мілы твар, наіўнасць разважанняў,
Што кахаць ніколечкі не грэх.
Грэх, калі няма ў душы кахання.

Пазіраю, слухаю, маўчу.
Што сказаць? Ёй не патрэбны словы:
Столькі сонца сіняга ўваччу
Доказам спасцігнутай высновы!


14 верасня 2010 г.