Завируха

Бризанта
Гурбы снегу. Ледзь плятуся.
Нехта з неба попел трусіць.
То надзеі паліць скруха –
Верна служка завірухі.
Зграей дзікай наганяе,
Клейкай стужкай заляпляе
Мае вусны, мае вочы.
Адкажы, чаго ты хочаш,

Толькі не чапай мяне,
Толькі не чапай мяне.

Робіш снегавы падмурак
3 белых матылькоў-фігурак,
А на ім палац лядовы
Узвясці жадаеш новы.
Свет да вечных сноў рыхтуеш
I ні кроплі не жартуеш.
У кішэнях пальцы грэю,
Заклікаю да завеі:

Ты не чапай мяне,
Ты не чапай мяне.

Не лічу я ўжо гадзіны.
Менш за крок раблю ў хвіліну.
Зноў у багне гразне цела –
Завіруха звар'яцела.
Б’е ў твар, пранзліва свішча,
Вые ў комінах ваўчышчам.
Дзе мой плот і дзе дарога,
Ужо не слухаюцца ногі.
Божа, злітуйся над светам,
Прыпыні злачынствы ветру,
Ліквідуй саюз са снегам,
Каб прыбіцца да начлегу.

А ты не чапай мяне,
Ты не чапай мяне.

Раптам месяц паказаўся,
Промень на снягі пракраўся.
Нейкі цуд – святло ў завею.
Вось і дом. I зноў цямнее.
Дах і сцены. Адпачынак.
А шалёная дзяўчына
Для здзяйснення сваёй мары
За другой імчыць ахвярай

I ўжо не кране мяне.
Пішу на марозным шкле
“Бывай” зіме…