На радзiме Чурлёнiса

Сержук Сыс
На блакітным ватмане Друскене
Акварэльным пэндзлікам стыхій
Сьветлацені хмар малюе геній
Месцаў гэтых ціхіх і глухіх.

Ажываюць пульхныя аблокі
На азёрным чыстым палатне,
Марыюша звон плыве здалёку,
А вакол – птушыны паланез.

Я бязвольны… Лёгка мне ў палоне,
Дзе і колераў, і гукаў пераліў,
Той сімфоніі, якую сам Чурлёніс
Праз гады нанова паўтарыў.

Вецер з Балтыкі, задзірлівы і шпаркі,
Абрынае ў возера тугу,
Палятуць да Беларусі хмаркі,
Я ж ляцець так хутка не магу.