Як рэкi плывуць

Анатоль Кудласевич
* * *
Як рэкі плывуць стагоддзі.
Для часу няма мяжы.
Не спыніш, не скажаш: “Годзе!” –
Бо час міма нас бяжыць.
Праз нас ён бяжыць.
Зваротна
Ніколі яшчэ не йшоў.
І безліч плямён і народаў
Пачэзла пад плынню вякоў.

Як рэкі плывуць стагоддзі.
Імкнуцца наўпрост, нацянькі.
Мы – людзі, па беразе ходзім,
А праўды не п’ём з ракі.
На беразе нашай долі,
Стаім, на ваду глядзім.
Аспрэчваем час, павольна
Змяншаючы лік гадзін.

Шухнулі ў рэчку з берага –
Падмыла вада пясок.
Каго нам спрачаць цяперака? –
Час цераз нас пацёк.