Кали у грахах угрузне...

Анатоль Кудласевич
* * *
Калі ў грахах угрузне свет,
І пойдзе брат вайной на брата,
Калі праз безліч чорных бед
Сумленне не разбурыць краты
І на пагібель мір спаўзе,
Нібы вужака, козкі, брыдкі
І сатана расчыніць зеў
Для вечнай, апраметнай пыткі,
І крумкачы здзяўбуць крывавыя сляды –
Ты, думаеш, што Бог разгубіцца тады?

О, не! – пашле да вас паэта,
І прыйдзе ён – і выратуе свет.

Загадка неба на зямлі,
О, ты, зняважаны паэт!
А што вы зразумець маглі?
На гэтым свеце і на тым –
Нішчымны ваш адказ… Ні з чым вы!

Каб не сказалі вы аднойчы:
“Мы ведаем, мы ўразумелі, Ойча,
Твой промысел і вышні сэнс.
Улічвай наш наступны цэнз…”.
Так неба шле да вас паэта,
Каб вам не ўцяміць і павек:
Ён сярод вас жыве – і гэта
Яшчэ не Бог, і ўжо не чалавек.