Смагне тонкi бакал...

Леонид Пранчак
СМАГНЕ ТОНКІ БАКАЛ...

Смагне тонкi бакал. Я шампанскае выпiў да кроплi.
Шэры вечар да вокнаў нячутна прыпаў i зацiх...
Мой пануры настрой, як травiнка вясновая, крохкi:
I чаму я адзiн? I чаму мы цяпер не ўдваiх?

Бачыць Бог, я цябе нават словам пакрыўдзiць баяўся.
Я з табою хацеў ля высокiх аблокаў лятаць.
Ты мне крылы дала. Праз цябе я да сонца узняўся.
Ты ж не хочаш лятаць i не хочаш мяне адпускаць...

Адпусцi, не трымай. Сэрца хоча вяселля i свята.
Там, дзе сонца i вецер, — стыхiя i воля мая.
Зразумей мой настрой. Не глядзi на мяне вiнавата.
Вiнавата не ты. Вiнаваты ва ўсiм толькi я...