Беларусь

Леонид Пранчак
БЕЛАРУСЬ

I

Змаўкаюць трубы, скрыпкі і валторны.
Змяняе песня музыку цішы.
І кружыць голас у вышынях зорных,
І рэхам адгукаецца ў душы.

Спяшаюся, здарожаны, дамоў –
У родны край, што сэрцу самы-самы,
У родны кут, да родных берагоў.
І ўсю дарогу чую голас мамы.

Бацькоўскі дом, табе не здрадзіў я!
У ростані далёкай і сцюдзёнай
Я па табе журыўся, край зялёны,
Старонка васільковая мая.

Гукай мяне, здалёк дамоў заві.
Матулін голас, песняю плыві.

II

Матулін голас, песняю плыві.
І я пайду пакорна за табою.
Цудоўныя чужацкія краі
Цямнеюць перад роднаю красою.

Шуміць задумна пракаветны бор.
Над росным полем сонца выплывае...
Ад спелых ніў – радзіма залатая,
Блакітная – ад рэчак і азёр.

Святло зарніц і белыя гаі,
Мурожны луг – духмяны і стракаты,
Палі і вёскі, вуліцы і хаты –
У сэрцы умяшчаюцца маім.

О Беларусь – радзімыя прасторы!
Дзе б я ні быў, – твае мне свецяць зоры.

III

Дзе б я ні быў, – твае мне свецяць зоры.
І ззянне іх не гасне праз гады:
У чэзлай тундры і ў кіпучым моры,
У дні удач і ў горычы бяды.

У ростані, у доўгіх вандраваннях
(Куды б мяне шляхі ні прывялі)
Жыве ў душы святое адчуванне
Адзінай, любай, сонечнай зямлі.

Я ведаю, забудуцца трывогі,
Калі прыйду на родны свой парог.
У Беларусь вядуць з любых дарог
Усе шляхі, прасёлкі і дарогі.

Сагрэй мяне, прабач і блаславі,
Зямля Надзеі, Мары і Любві.

ІV

Зямля Надзеі, Мары і Любві –
Майго жыцця жывая неабходнасць.
Пульсуе нерастрачана ў крыві
Нязводная твая высакароднасць.

Люблю тваю світальную пару,
Твой кожны дзень –
Дажджлівы, хмуры, ясны.
Пакуль на свеце будзе Беларусь, –
Не буду я бяздольным і няшчасным.

Звініць над светам музыка вясны.
Узводжу дом. Саджу ля дома дрэвы.
Спяваю я – ляцяць пад неба спевы.
І песню тую паўтарае сын.

Гучыць матыў пяшчотны і мажорны...
Змаўкаюць трубы, скрыпкі і валторны.

Змаўкаюць трубы, скрыпкі і валторны.
Матулін голас, песняю плыві.
Дзе б я ні быў, -- твае мне свецяць зоры,
Зямля Надзеі, Мары і Любві.