Ранiшнi сон аксамiтных аблокау

Леонид Пранчак
РАНІШНІ СОН АКСАМІТНЫХ АБЛОКАЎ

Ранішні сон аксамітных аблокаў —
Чыстых вачэй сарамлівы пагляд...
У цішыні — рэха сцішаных крокаў,
У вышыні — райскі сонечны сад.

Тонкай мяжою світання і ночы
Велічна падае снег на зямлю.
Сэрца да сэрца, а вочы — у вочы.
Я гэты снег беспрычынна люблю.

Кружыцца марыва зорных пялёсткаў,
Крыўда знікае і гіне падман.
І сярод тысяч зямных адгалоскаў
Чую, як грае ў касцёле арган.