Кахання былая няволя

Леонид Пранчак
КАХАННЯ БЫЛАЯ НЯВОЛЯ

Высокае неба начное
На ўсходзе ружовiцца ледзь...
Навошта тлумачыць мне тое,
Што я не магу зразумець?

Падман застанецца падманам.
Каханне каханнем. Але
Маiм незагоеным ранам
Пяшчоты тваёй не стае...

Зацiхне ахрыплае рэха
I ў цiхай лясной пусцiнi
Тваiм пералiвiстым смехам,
Як некалi, — не зазвiнiць.

Я смагу любiць не спатолю,
Бо сам прамяняў у журбе
Кахання былую няволю
На волю, але без цябе...