Трапятанне

Леонид Пранчак
ТРАПЯТАННЕ

Ты, якая не ўмее быць хмурнай, —
Усмiхнiся даверлiва мне.
Нашу лодку, заспетую бурай,
Хваля пенная не захлыне.

Ад нязнанай трывогi салодкай
Прытулiся цясней да мяне...
Белы месяц блiскучаю плоткай
У азёрныя хвалi нырне...

Глянь, на беразе вогнiшча тлее...
Толькi нам не даплыць да яго...
Нашых вуснаў i рук не сагрэе
Той чужы i далёкi агонь.

Белы ветразь трапеча дрыготка
Па-над намi, нiбы матылёк...
Разгайданую хвалямi лодку
Гонiць вецер у цiхi ставок.

Глянь мне ў вочы: там толькi каханне.
За ўсялякi агонь гарачэй —
Палкiх вуснаў тваiх трапятанне
I ласкавасць каханых вачэй...