Крылы

Всеволод Стебурако

       

Прачынаюся бы выпускаю шасі. Адкідаю коўдру як расшпільваю форменны сіні лётны кіцель. Зпускаю ногі з ложка і бачу як падаюць да борта трап. Першыя крокі па цьвердае паверхні няўклюдныя немаўлячыя. Трохі хістае. Збоку падаецца – пасля сну, насамрэч – пасля палёту. Так, я лётаю ў сьне. Раней рэгулярна, зараз – зрэдку.
Справа канечне ня ў колькасці палётаў, а ў самім факце знаходжання не на зямлі. Ня ведаю для іншых, а для мяне палёт пачынаецца тады, калі толькі заплюшчваю вочы ў тую ноч. Гэта адчуванне як глыток чыстага кіслароду ад якога кружыцца галава і цела робіцца бязважкім.
 Усё зьмяняецца. Зьнікаюць пахі, катэгорыі цьвёрдасьці, гарачыні, вільготнасці. Замест іх з’яўляюцца колеры. Іх шмат, а асноўны, які задае гаму – сьветла-сьветла-блакітны. У жыцці на зямлі такую фарбу назіраў толькі аднойчы, у дзяцінстве. Гэта быў колер нямецкага фламастару ў наборы, які маці прэзентавала нам з братам напярэдадні нейкага чарговага верасня. Дзіўна, але рыска праведзеная тым цуда-алоўкам на шэрай паперы была нейкай бляклай і незаўважнай. Гэтак і палёт: толькі сам ён дзіва і цуд, і іншы сьвет, а ранкам на зямлі – толькі няпэўная ўзгадка аб нечым невымоўным і сапраўдным. Як каменьчык, што блішчыць у вадзе, а пасля, выцягнуты, на сонцы чэзне і губляе прыгажосць, гэтак і палёт, пасля пасадкі – усяго захапленне па інэрцыі.
Сапраўды, раней мае палёты былі вельмі прыемнай завядзёнкай. Даводзілася выпрабоўваць крылы. Я лётаў. Ня моцна высака, не падымаючыся вышэй вершалін вялікіх паркавых дрэваў, што стаяць пад акном. І ня хутка, можа так як папяровы самалёцік, зроблены з школьнага лінаванага аркуша. Памятаю ўсё да дробязяў, да такіх драбніцаў, што дзіўлюся, як гэта зараз не магу ўзляцець проста з-за стала.
Перад тым як адарвацца ад зямлі – два ці тры пругкія крокі і цяжка, з заўважнымі высілкамі, як вялікая птушка, іду на пад’ём. Падымаюся вышэй і вышэй. Тулава паралельна зямлі, ніяк па-іншаму. Дасягнуўшы нейкай крытычнай вышыні азіраю ўсё, там, унізе. Займае дых, я птушка якая баіцца вышыні...
Унізе родныя мясціны. Усё знаёмае, ці прынамсі, падаецца такім. Спакой. І пошук кропкі на якую можна зпікіраваць. Пачынаю планіраваць, павольна падаць. Кадры майго фільму нібы падаўжаюцца. Веру ў тэорыю Энштэйна пэўна як ўсё тыя, хто лётаў. Час нібы мёд бурштыновымі ніцямі выцягваецца ўздоўж парабалы майго піке. Спыняюся і амаль як стрыказа завісаю над зямлёй. Гэта вельмі важна, менавіта над зямлёй, прычым не ніжэй майго асабістага росту. Ніжэй прыцягненне становіцца мацнейшым шматкроць і ногі самі становяцца на глебу. Калі на гэтае забыцца можа надарыцца незаплнаваная пасадка. Яна ператворыць далейшы сон у жудаснае і амаль заўсёды марнае намаганне ўзняцца ізноў уверх. Няма цяжэйшага працягу. Таму лепш ня рызыкаваць. Трэба заставацца ў палёце як мага даўжэй.
Перажыўшы піке ізноў мэтанакіравана лячу ўгару. Нейкі час рухаюся на адной вышыні над дахамі хат, антэнамі, садамі, кранаючы лісце рукамі. Захапляюся пачуццём лёгкасьці і свабоды. Можна шмат, але і ў гэтае радасьці ёсць свае абмежаванні. Нельга ні на чым моцна засяроджвацца. Калі раптам падумаеш, што ліст які толькі крануў рукой пагрызены чарвяком, а чарвяк мае шэсць параў ножак і бадзёра імі перабірае па галінцы, якая... І ня паспееш дадумаць якая галінка як цябе выкіне з рэчаіснасці, нібы сапраўднага лётчыка з прытомнасці ад вялікае перагрузкі. Той хто дае магчымасць лётаць чамусці не ўхваляе засяроджанасці на дробязях – гэта закон. Я прымаю яго. І лепш прымаць, калі ня хочаш прачнуцца сярод ночы і перакуліўшыся на другі бок рэшту сніць усякую лухту.
Шанцавала праўда некалькі разоў пасля падобных крыўдных правалаў ізноў вяртацца ў неба. Тады я быў невыказна рады. Быў самы лепшы, сумленны, прымаў усе правілы. Галоўнае з якіх: Ня ўсё пада мной, але я па-над усім.. Вось праўда. Трэба ляцець так, каб ня зварухнуць шатаў старой ліпы, а як прамень сонца прайсці наскрозь і ўвабраць у сябе іх цёплы малахітавы сок. Ня трэба змагацца зь ветрам, трэба зрабіцца такім каб ён дзьмуў праз цябе і ня зьбіваў зь твайго кірунку. Будзь складнікам, часцінкай наваколля: Ты ў сьвеце, Сьвет у табе. Адчуўшы гэтае заўважаеш, што сам пачаў пераўтварацца ў нябеснаблакітную смугу, лягчэйшую за собскі подых, той самы, які аддзяляе яву ад сну, той адзіны некантралюемы, але ужо моцны ўздых, што напаўняе лёгкія чалавека гатовага прачнуцца ў новы дзень.
Аэрапорт прыняў. Пасадка прайшла як мае быць. Я на паласе. Задаволена іду ў ванну. За вокнамі тыя ж дрэвы, дахі толькі від зьнізу. Адзначаю, што неяк ня агледзеў тую высокую бярозу з варонінымі гнёздамі ў двары крамы. Трэба наступным разам. Незабудуся, абавязкова наведаю, толькі б ня скончыліся вызначаныя мне лётныя гадзіны, а то перавядуць у наземны персанал, як тады класьціся спаць?