Дзень N

Всеволод Стебурако
       


Усё стала зразумела напэўна тады, калі ён выйшаў з “Цэнтральнага” добра абліўшыся кефірам, што тлустымі струмянямі павольна сьцякаў па чорнай замшы курткі. А можа і нават раней хвіліны на тры, калі ён яшчэ толькі вырашыў выліць на сябе гэтыя тры чвэрці недапітага кефіру. Як да гэтага ён не дапяў раней?..
Павольна і страшэнна задаволена ён дэфіляваў па вуліцы. Дзьмуў халодны вільготны вецер, сьвяціла сонца, блішчэў мокры ходнік. Людзі глядзелі зь непрыхаванай цакавасьцю. Але гэта ня назаляла, бо глядзелі яны і раней, толькі зараз гэта мела дакладныя тлумачэнні і таму ня дзівіла.
Наогул стала неяк нечакана прыемна і утульна. З’явілася жалезная ўпэўненасць, што сёньняшні дзень добры. Добры на столькі, што з Верхняга гораду з’ехала ахутаная калючым дротам вайсковая камендатура і самі па сабе зарыліся брудныя траншэі бясконцых будоўляў. На працу з абеду хацелася ісці бясконца. Пераступаць лужыны і ручаіны, чакаць зялёнага святла ля пераходаў і, як мага павольней, ісці, ісці...Ісціна недзе побач. Пабач яе!
Як ішоў Калумб па сваёй зямлі пасля доўгага плавання, дыхаючы напоўніцу і незважаючы на тое, што нязвыкла кружыцца галава і ногі вязнуць у вільготным пяску. Ну хай ён ішоў не так як Калумб, але дакладна так, як першы, хто ішоў за ім.
Глядзеў вачыма галкі на жоўтае лісце, якое вісела на дрэвах разам з раньнім кастрычніцкім снегам, і адчуваў холадам у далонях вышыню і хісткасць тонкай галінкі, што дрыжэла пад птушынымі лапкамі.
І вяртаўся на ходнік каб пераступіць чарговую шэрую лужыну і зноў удыхнуць рэзкага халоднага паветра, ветра.
У кожным кроку па зямлі ён рабіў яшчэ безліч крокаў у свядомасці, па той дарозе, што ішла ў другім вымярэнні, якое ня можна абмежаваць ніякімі адлегласьцямі, але трэба прайсці. Прычым менавіта сёння, калі ўсё гэтак невымоўна празрыста, што наскрозь бачныя будынкі, чорныя салоны службовых аўтамабіляў і адчуваецца ледзяны смак кроплі, што яшчэ толькі зьбіраецца, разьвітаўшыся з ледзяшом на рагу даху, сарвацца ўніз...
Дакладна такім усё было ў снах, калі абмежаваны часам, ён хутка праглядаў іх, не спыняючыся на падрабязнасьцях з-за боязі раптам прачнуцца і не даведацца, што далей зробіць ён сам. У чыёй асобе нарэшце спыніць хаду і ператворыцца ў маўклівую дэкарацыю на шляху нейкага іншага вандроўніка, які таксама калісці зразумее, што знайшоў свой дзень.