cмс

Всеволод Стебурако
Яны сустрэліся абсалютна празаічна, як звычайна і здараецца ў такіх выпадках: электрычка, у якой яны апынуліся спадарожнікамі, спынілася за некалькі прыпынкаў ад канцавой станцыі, прапускаючы нейкі кур’ерскі цягнік. Сярод яснага летняга дня раптам пайшоў вясёлы цыганскі дожджык, і пырскі рэдкіх буйных кропляў ласкава казыталі твар, падаючы з форткі расчыненага вакна. Усьмешкі, бы сонечныя зайчыкі, сталі блукаць на тварах пасажыраў, прытомленых дарогай. Размова між імі неяк пачалася сама сабой і праз 15 хвілін, выходзячы на вакзале, яны былі знаёмыя ўжо нібы сто першы год.
Ён выйшаў на сувязь з ёй у той жа вечар і праз два дні прыехаў да яе. Яны гулялі ў старым гарадскім парку і размаўлялі, размаўлялі пра ўсё тое, што было за той час пакуль яны чакалі адзін аднога гэтае стагоддзе. Яна падалася яму той, каго ён шукаў усё жыцьцё, а ён ёй - лепшым за усіх папярэдніх, і асабліва за таго, хто зусім нядаўна так балюча пакрыўдзіў. Ён пісаў для яе свае лепшыя радкі, а яна чытала іх з трымценьнем у голасе і руках, бо захаплялася словам і проста любіла яго вершы… Гэта было каханьне.
Пасьля пайшлі тэлефанаваньні і доўгія гутаркі з розных гарадоў, кароткія сустрэчы, калі яны трымаліся за рукі і маўчалі, анямелыя ад вар’яцкага шчасьця ўзаемнасьці. Гэта была жарсьць. Гэтая жарсьць ірвала на кавалкі рэчаіснасьць і адсоўвала на тло ўсё і ўсіх.
Так было і ўпершыню, калі яны проста зачыніліся ў ванным пакоі, пакінуўшы за сталом у непаразуменьні і разгубленасьці ўсіх гасьцей, што прыйшлі да яго на дзень нараджэньня, і ў апошні раз, калі яна, спазьняючыся на свой цягнік, і, няўмела падманваючы родных, затрымалася ў яго абдымках яшчэ на гадзіну…
У канцы лістапада ўсё скончылася як і пачалося – нечакана і імгненна. Яна вярнулася да свайго абранага і заручанага, а ён застаўся ў сваёй, касьмічна пустой без яе, кватэры. У хуткім часе яна ўзяла шлюб, а праз некалькі месяцаў абвянчалася ў царкве. Праз 8 месяцаў у яе нарадзіўся сын.
У яго - рэштай перажываньняў праз 12 – выйшла кніжка. У дзень іх знаёмства, роўна праз год, ён наважыўся адправіць адну смску: “Ці ты шчасьлівая?” – і безумоўна не атрымаў адказу.
Была новае лета, новыя сустрэчы, растаньні, праца, сябры, выпадковыя і не зусім музы. Час ад часу ён праяжджаў праз той горад, наведваючы сваіх бацькоў, і заўсёды адводзіў позірк ад яе дома на Віленскай вуліцы. Аднойчы яму падалося, што ён пабачыў яе з вакна машыны, але “можа толькі падалося” – так вырашыў думаць ён. Мінуў яшчэ год, і 1-га ліпеня абаненту пайшла смска з тым жа пытаньнем…
Яны так ніколі больш і не пабачыліся. Жыцьцё ішло сваёй хадой, праз адмераны час у сьцвярджэньні “я - сталы”, ён, не без шкадаваньня, літару “л” мусіў зьмяніць на “р”. Шмат што незваротна сплыло ў бездань мінулага, але з упартасьцю фанатыка, ён штогод 1-га ліпеня задаваў пытаньне аднаго і таго ж зьместу сваей страчанай недакаханай.
Аднойчы, калі ў яго была амаль сівая галава, і чарговае лета, ўжо не прыносіла ранейшага чаканага задавальненьня, ён па традыцыі, што склалася за гады, адаслаў рытарычны ліпеньскі запыт у мінулае. І яно адгукнулся.
Яна была дома і сьвядома, ўжо некалькі дзен, чакала гэтага короткага пытаньня. Гэтым годам у лепшы сьвет адышоў той, з кім сьвятар злучыў яе жыцьцё да скону. Дзеці і малыя ўнукі, безумоўна добрыя і родныя, неяк сталі, (ці і былі?) ўсё ж даволі далёкімі, хоць і наяжджалі рэгулярна. Існаваньне было спакойным і бесклапотным, прэсным як посная каша. Засталося толькі мінулае. А дакладней, з усяго яго, толькі гэтая ліпеньская рытарычная згадка, што нагадвала аб маладосьці, каханьні і іх няўрымсьлівай празе жыць сеньняшнім днём. З гэтых трох словаў выпраменьвала і ірвалася праз гады тое лета і пырскі дажджу, і маўклівыя жарсныя поціскі рук, і вусны з ледзь улоўным пахам кавы, і вецер у валасах, і цёплая ноч.
 І ўсё гэта – тое, што было, і тое, што толькі магло быць, але ня стала, укладалася зараз у тры словы на экранчыку мабільніка: “Ці ты шчасьлівая?” Усё іх няспраўджанае жыцьцё…
Яна ўзяла ў рукі тэлефон і праз галавакружэньне і хваляваньне, пачуцьці, сумненьні і памяць, знайшла ў сабе сілы і адказала яму: “Так!”