Нячутна

Леонид Пранчак
НЯЧУТНА

Лета нячутна адыдзе на поўдзень.
Восень саступiць дарогу зiме...
Буду цябе я, каханая, помнiць.
Помнi i ты, калi ласка, мяне.

Цягнуцца нудна бяссонныя ночы.
Зоры ў блакiце — нiбы мiражы...
Сню я штоноч васiльковыя вочы,
Свет без якiх безнадзейна чужы.

Дай мне магчымасць праз тысячы мiляў
Сэрцам збалелым адчуць неспакой
Самай прыгожай, пяшчотнай i мiлай,
Самай жаданай жанчыны маёй...