Жоутых кветак асеннi пажар

Леонид Пранчак
ЖОЎТЫХ КВЕТАК АСЕННІ ПАЖАР

(Песня са спектакля "Рыцар ордэна Сонца")

Так наіўна і проста:
Заміж радасці – ростань.
Жоўтых кветак пялёсткі
Пачарнелі на сонцы амаль...
Размінёмся, як рэкі,
Родных два чалавекі.
Назаўсёды-навекі...
У жыцці так бывае, на жаль.

Светлых дзён шкадаванне
Дзе ты, наша каханне?
Развітальнае ранне,
Студзіць холад раптоўнай зімы...
Не скажу анічога.
Да цябе як да Бога.
А між намі – дарога.
І па ёй аддаляемся мы.

Не знікай, калі ласка,
Летуценная казка,
Незабыўная ласка,
Жоўтых кветак асенні пажар...
Размінёмся, як рэкі,
Родных два чалавекі
Назаўсёды-навекі...
У жыцці так бывае, на жаль.