Cветла думаць

Леонид Пранчак
CВЕТЛА ДУМАЦЬ...

На развiтанне прамаўчу.
Ты застаешся, я — лячу.
А памiж намi акiянскiх хваль цунамi...
Мы расстаёмся назусiм,
Мiж намi — холад снежных зiм.
Забудзь аб тым,
Што не было пакуль мiж намi.

Пiшы мне доўгiя лiсты.
Без iх мой свет такi пусты.
Бо ў iм нiчога, акрамя зiмы i слоты.
А за акном маiм туман,
А памiж намi акiян,
А памiж намi акiян маёй сумоты.

Я памятаю кожны мiг,
Калi былi мы удваiх.
I мне шкада,
Што выйшла ўсё так недарэчна.
I хоць цяпер далёка я,
Ты не са мной i не мая, —
Ды светла думаць пра цябе
Хачу я вечна...