Нарэшце

Леонид Пранчак
НАРЭШЦЕ

Ён з роднай хаты выйшаў,
Сiвы i з барадой.
На светлым твары бацькi
I годнасць, i спакой...

Яму насустрач — з неба
Хтось плыў паверх травы, —
Як воблакi — адзенне.
I нiмб ля галавы.

Вiталiся на сцежцы.
Прыселi на мурог.
Сiвы старэнькi Бацька.
Сiвы старэнькi Бог.

Я адышоў i ў садзе
Пачуў iх галасы.
Бог папытаўся:
Хто там?
Прамовiў Бацька:
Сын.

Я сеў ля iх нясмела,
I Бог сказаў тады:
Нарэшце ўсе мы разам:
Сын, Бацька, Дух Святы.