Даставай, Язэп...

Леонид Пранчак
ДАСТАВАЙ, ЯЗЭП, ГАРМОНIК!

Дым кастра духмяна-горкi
Над азёрамi паўзе.
У затоках дрэмлюць зоркi,
Бы лiлеi на вадзе.

Даставай, Язэп, гармонiк!
Вечар сцеле туманы.
Заiграй, а мы — успомнiм
Днi без тлуму i маны...

Успрымаецца iначай
Слоў ды спраў былых вага.
З беспрытульнай стала нашай
Жураўлiная туга.

Развiтацца не паспелi,
Развiтацца не змаглi,
Не сказалi, што хацелi,
Што на потым бераглi...

Трыснягоў таемны шолах
Сумам сэрца апячэ...
На Браслаўскiх на азёрах
Мы сустрэнемся яшчэ!