Триединство путей человеческих

Анатоль Кудласевич
                ТРЫАДЗІНСТВА ШЛЯХОЎ
( т р ы п ц і х)
1.
                Ш л я х   З а ко н у
І быў мой першы вораг,
той, каторы аберучкі ўхапіў за горла.
І я рассёк яго мячом напалавіну.
І стала двое іх супроць мяне.
Не абмінеш зямную пуцявіну:
калі парвецца пупавіна Роду –
выходзіш раптам на зыход Прыроды…
Ніхто ў пачатку не павінны,
напрыканцы –
і шрамы, і рубцы скрываўлены цярновымі вянцамі.

Стаялі ўдвух супроць мяне,
на хісткім дне,
нянавідныя ворагі мае.
І быў пачатак,
што спакусіўся вышынёй не дольных тронаў –
а прагнуў шчырасці Нагорнага Закону.

Я ж на кавалкі разрываў крывавымі рукамі
і раскідаў жывое мяса навакол,
шалеючы жывёльным гонам –
і камень стомы
выростваў на душы,
і цяжарам душыў,
і гнуў дадолу стопудовы.

І абступілі шчыльна легіёны
чужынцаў-ворагаў, памножаных на раць…
і на скрыжалях сэрцаў сцвердзіў я чырвоныя законы, акрэсліў іх,
як час прыспешыў паміраць.

І пацягнуў я Крыж свой на Галгофу…
І там яны распялі Бога.

2.
Ш л я х    В е р ы
Мо, ад калена Данава, ці праз калена Юдзіна,
нібы браня ад ворагаў,
мне дадзены Закон быў –
і быў закон па людзях.

І быў закон зацверджаны на сэрцы:
«Законам жыў, і грэх спазнаў Законам».
І ён дапамагаў ці не мне? –
цемра!

Нябесны Сейбіт у душу людзей засеяў
насенне запаветаў Маісея.
Насенне прарасло – і абступіў магічны круг,
я зразумеў:
закон – загон, закон – пастух і цемрадзь!
А зерне,
што памерла,
рванулася ў паднеб’е
і абкруціла грэшным колам,
і я падумаў:”Што мне трэба?”
-- Відовішчаў і хлеба! – з маіх вантробаў голас зарычэў.
Знячэўку зноў даўмеўся я,
што заблудзіўся тут.
Улева, ўправа пахіснуўся –
і вока выцякла на сук.
Яшчэ тры крокі ў бок я –
і вось другое вока тырчыць на ламачыне…

У чым прычына?
Чаму, абручаны законам,
я зведаў кару ад яго?
Чаму, узброены законам,
застаўся я сляпы?
Чаму, спаўняючы законы –
мяне ж Законам білі?

Нарэшце я адкрыў:
мяне любілі!
І расчыніў у вечнасць дзверы:
цяпер ратуе Вера!

3.
І    ш л я х    Л ю б о в і
Закон прыйшоўшы да мяне,
за сэрца ўзяў і скіраваў дарогай веры,
і я, прадзёршыся скрозь церні,
урэшце страціў зрок.

Што мне рабіць цяпер? –
цярпець!
Куды свой крок накіраваць? –
трываць!
Пакутаваць і зносіць,
вытрымліваць, трымацца, пераносіць,
бо восень даспявае ўжо даўно –
вось набліжаецца апошняе жніво,
а там –
сама зіма:
халодная, галодная яна,
і “звер” па нервах кіпцюрамі зашкрабе…
Што мне рабіць цяпер? –
цярпець!
Вучыцца ненавідзець смерць
і  не баяцца,
не давацца ў лапы Антыхрысту,
прыслужнікам і наймітам яго –
усяго праз колькі год –
маўчаць, і не прасіць пячаць
ілжэхрыста на руку ці чало,
цярпліва і пакутна зносіць зло
і адваротна зноў не спараджаць.

Трываць! Пакутаваць і зносіць,
вытрымліваць, трымацца, пераносіць…
І спеласцю напоўніць плод.

Пакуль яшчэ даспее восень –
прасіцьму гожасці ў Хрыста!

Я папрашу магчымасці ў Хрыста,
каб вывучыў галоўнаму Ён шляху,
які сабой ва ўсе вякі
яднаў шматлікія шляхі,
выводзіў на Галгофу і на плаху,
і з баязліўцаў ён рабіў герояў,
вёў на касцёр і ў бой,
быў для сябе да скону сам законам
і сам жа забаронай:
дзіця Надзеі з Верай –
дазвол на ўсё заўжды ён мае,
і сам сабой трымае ўсе правы крыві –
ён трэці,
Трыадзіны Шлях Любві!
1995г.