Чужыя санi байка-павучанка белорусский язык

Анатоль Кудласевич
Гаварыла мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані!..”
Не паслухаў Саня:
Сеў не ў свае сані,
Разваліўся панам
У чужой фурманцы,
І чужыя вожкі
Ён у рукі ўзяў,
І чужыя коні
Граюць і танцуюць,
Бубенцы чужыя
Весела звіняць...

Высвіснуў гарапнік  –
Коні сталі дыбам,
Шуганулі ветрам
За паднебны край.
Ад чумнога рання
Да святога нігды
Гойсае дазвання
Неслухмяны Саня
На чужых санях.
І калі прыстануць
Тыя коні ў санях,
Мо тады як свісне
На высокай горцы
Развусаты рак?
Бо таго не ўцяміць,
Што казала мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані,
Бо чужой далонню
Толькі жар грабці.
Бо з чужое ласкі --
З князяў ды ў падпаскі,
Ды чужым падсвінкам
Хвосцікі круціць”.

Ды не слухаў Саня,
Што вучыла мама:
Лёгка жыць на свеце
Розумам чужым.
Ці зіма ці лета --
Ўсё адзіным цветам:
Лётае без мэты
На чужых санях,
Ды паўсюль гаворыць,
Што я сам з вусамі,
А таго на памяць
Не прыходзіць Саню,
Што казала мама:
“Не садзіся, Саня,
У чужые сані,
Бо чужые сані,
Нібы хлеб чужы.
Не судзіся, Саня,
З роднымі братамі,
Як жа твае дзеці,
Тута будуць жыць?!
Хоць і сам з вусамі,
Зразумей жа, Саня,
Як чужые сані --
Дрэннае катанне,
А свайго чурацца
Зарачысь навек.
Хоць бы на вяселлі,
Або на хрысцінах,
Тое ўсім вядома,
Што чужы раточак
Не закрыць платочкам,
Ці якой хусцінай,
Ды якім бы смачным
Не быў каравай,
Калі то чужое –
Рот не разяўляй.
Засячы на носе,
Калі не папросяць,
За чужыя кросны
Госці не садзяцца.
У сваіх падсанках
Лепей пакатацца,
Чым у іх раскошных
Розвальнях чужых.
А не маеш санкаў,
Хоць на мяккім месцы,
Хоць на голай срачцы,
Абы на сваёй!” –
Гаварыла мама
Так дурному Саню,
А ці ж зразумеў ён –
То не нам судзіць.

Пра такіх гавораць,
Што яны з прыветам:
Глыбака не ўворуць,
Густа не засеюць,
А часцей буяюць
Кветам-пустацветам.

Дурняў не араюць
І не засяваюць,
Так заўжды бывае:
Самі вырастаюць,
Сані з Аляксандрам,
Рвігаловічам.